Як нас знайсці
Спектакль “Плошча герояў” літоўскага тэатра захапіў беларусаў
Спектакль “Плошча герояў” Літоўскага нацыянальнага драматычнага тэатра стаў акцэнтам міжнароднай праграмы тэатральнага фестываля „TEART“, які адбываецца ў Беларусі штогод і ў гэтым годзе праходзіць з 20 верасня па 8 кастрычніка.
Пастаўлены польскім режысёрам Крысціянам Люпай, створаны паводле п’есы Т. Бернхарда і выкананы самымі знакамітымі літоўскімі акторамі спектакль прыцягнуў у адну з найбуйнейшых тэатральных залаў Мінска мноства аматараў тэатра. Прызнаны на Авіньёнскім тэатральным фестывалі 2016 года шэдэўр, які цягнецца ажно чатыры гадзіны, і ў якім ролі выконваюць Валянцінас Масальскіс, Эгле Габрэнайтэ, Даларэса Казрагітэ, Арунас Сакалаўскас, Вітаўтас Румшас і іншыя вядомыя літоўскія акторы, трымаў увагу беларускай публікі і захоўваў інтрыгу да апошняга імгнення.
Мінімалістычны, крыху суровы спектакль “Плошча герояў”, які тонка разглядае тэму антысемітызму, быў вельмі чаканай тэатральнай з’явай у Беларусі. Рэпетыцыі тэатра здымалі найбуйнейшыя каналы беларускага тэлебачання, спектакль быў выключна прыязна прыняты і мінскай публікай – вельмі доўга не змаўкалі авацыі, актораў некалькі разоў выклікалі на сцэну.
Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі прыкладае намаганні, каб на міжнародным тэатральным фестывалі „TEART“ штогод прадстаўляліся і найлепшыя спектаклі літоўскага тэатра. У мінулым годзе на гэтым фестывалі прайшоў паказ спектакля “Вяселле” у пастаноўцы О. Каршуноваса.