Як нас знайсці

АМБАСАДА ЛІТОЎСКАЙ РЭСПУБЛІКІ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

Aдрас: ul. Zacharova 68, 220088 Minsk, BELARUS

Больш падрабязна »

Тэл. +375 17 285 24 48; +375 17 285 24 49 - konsulskije voprosi; +375 17 217 64 91
Факс +375 17 285 33 37; (konsulskij otdel: +375 17 285 31 74)
Эл. пошта

Шэнгенская прастора

Выканана 2014.06.30 / Адноўлена: 2014.06.30 15:12

Шэнген, або Шэнгенская прастора, – гэта тэрыторыі дзяржаваў, якія падпісалі Шэнгенскую дамову. Гэтая прастора асаблівая тым, што яе вонкавыя межы пільна ахоўваюцца, а ўнутраны кантроль межаў скасаваны. Бяспеку ў Шэнгенскай прасторы забяспечвае ўзмоцнены кантроль вонкавых межаў, усё больш актыўнае супрацоўніцтва службаў аховы межаў, паліцыі і праўных установаў у Шэнгенскіх краінах, ажыццяўленне Шэнгенскімі краінамі супольнай візавай палітыкі і функцыянаванне Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы.

Пашырэнне Шэнгена

Рада міністраў юстыцыі і ўнутраных справаў Еўрапейскага Саюза (ЕС) сваім рашэннем ад 6 снежня 2007 г. ухваліла далучэнне да Шэнгенскай прасторы Літвы, Латвіі, Чэхіі, Эстоніі, Польшчы, Мальты, Славакіі, Венгрыі, Славеніі. Гэтыя 9 дзяржаваў 21 снежня 2007 г. скасавалі кантроль пры сваіх кантынентальных межаў унутры ЕС.

Кантроль паветраных унутраных межаў скасаваны 30 сакавіка 2008 г., згодна з раскладам палётаў.

Цяпер да Шэнгенскай прасторы належаць 24 дзяржавы:

  • 22 краіны-ўдзельніцы ЕС: Аўстрыя, Бельгія, Данія, Грэцыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя, Фінляндыя, Швецыя, Германія, Літва, Латвія, Чэхія, Эстонія, Польшча, Мальта, Славакія, Венгрыя, Славенія;
  • 2 краіны, што не ўваходзяць у ЕС: Нарвегія і Ісландыя.

Грамадзяне 24 краінаў, што прыналежаць да прасторы, маюць аднолькавыя правы на перасоўванне без візавага і памежнага кантролю.

Дзяржавы ЕС Ірландыя, Злучанае Каралеўства (Вялікабрытанія) і Кіпр да Шэнгенскай прасторы не належаць. Злучанае Каралеўства і Ірландыя працягваюць выконваць памежны кантроль датычна грамадзянаў іншых дзяржаваў-ўдзельніцаў ЕС (аднак яны ўпаўнаважаныя ўжываць пэўныя сродкі у рамках супрацоўніцтва паліцыі і праўных установаў па крымінальных справах).

Свабоднае перасоўванне асобаў

Шэнгенская дамова дазваляе скасаваць кантроль на ўнутраных межах дзяржаваў-удзельніцаў Шэнгенскай прасторы, усталёўвае агульныя правілы кантролю вонкавых межаў, агульную візавую палітыку і ўводзіць дадатковыя сродкі, якія дазваляюць у пэўных выпадках ужываць працэдуры кантролю на ўнутраных межах (у рамках супрацоўніцтва паліцыі і праўных установаў па крымінальных справах).

Пры перасячэнні ўнутраных межаў дзяржаваў-удзельніцаў Шэнгенскай прасторы кантролю асабістых дакументаў больш няма. Аднак гэта не значыць, што перасоўванне ў Шэнгенскай прасторы прыраўнанае да перасоўвання ў адной дзяржавы-ўдзельніцы без падарожных ці ідэнтыфікацыйных дакументаў. Прадстаўнікі праваахоўных установаў Шэнгенскіх краінаў, грунтуючыся на нацыянальных праўных актах, маюць права на тэрыторыі сваёй краіны правяраць тоеснасць асобы. У актах кожнай дзяржавы-ўдзельніцы прадугледжана, ці мусіць асоба мець такі дакумент пры сабе.

Грамадзянін краіны-ўдзельніцы ЕС мае права свабодна падарожнічаць па асабістых ці працоўных справах па ўсім Еўрапейскім Саюзе, для чаго дастаткова мець дзейны пашпарт ці ідэнтыфікацыйную картку. Права грамадзяніна ЕС падарожнічаць можа быць абмежаванае толькі па меркаваннях грамадскага парадку, грамадскай бяспекі або грамадскага здароўя.

Дзяржавы-ўдзельніцы пакідаюць за сабой права на пэўны час вярнуць працэдуры памежнага кантролю, у выпадку ўзнікнення пагрозы іх бяспецы ці грамадскаму парадку. Памежны кантроль можа быць адноўлены і пад час масавых міжнародных спартовых мерапрыемстваў.

Узмацненне вонкавых межаў Шэнгенскай прасторы ахапляе як фізічныя (увядзенне новых тэхналогій, абсталявання назірання), так і праўныя (сістэма пакаранняў за незаконнае перасячэнне мяжы, стражэйшы рэжым выдачы візаў і патраплення ў Шэнгенскую прастору) сродкі.

Шэнгенская інфармацыйная сістэма (SIS) – гэта кампутарная база звестак, у якой назапашваюцца звесткі пра непажаданых асобаў (з-за ўчыненых імі крымінальных злачынстваў, спробаў незаконнага пранікнення ў краіну і пад.), асобаў у вышуку, скрадзеныя рэчы (ідэнтыфікацыйныя карткі, зброю, транспартныя сродкі) і пад.

Шэнгенская дамова

Шэнгенская дамова – гэта асноўны дакумент пра паступовае скасаванне кантролю агульных межаў, яго ў 1985 г. падпісалі пяць дзяржаваў-удзельніцаў ЕС (Бельгія, Германія, Францыя, Люксембург і Нідэрланды).

Падпісаная ў 1990 г. Шэнгенская канвенцыя – гэта дакумент пра ажыццяўленне падпісанай дамовы ад 1985 г., паводле яго скасаваны кантроль унутраных межаў дзяржаваў, што яго падпісалі, усталяваныя агульныя правілы кантролю вонкавых межаў і прадугледжаныя дадатковыя захады, што дазваляюць у пэўных выпадках ужываць працэдуры кантролю пра ўнутраных межах. Шэнгенская канвенцыя ўступіла ў моц у 1995 г., а, калі ў маі 1999 г. у моц уступіла Амстэрдамская дамова, Шэнгенская канвенцыя была ўключаная ў судзебнік Еўрапейскага Саюза.

Ад таго часу у праўнай і інстытуцыйнай базе Еўрапейскага Саюза пачалі ўжывацца і далей пашырацца палажэнні Шэнгенскага судзебніка (acquis). Шэнгенскі судзебнік – гэта міжурадавы збор правілаў Шэнгенскай групы. У Шэнгенскім судзебніку прадугледжаныя канкрэтныя захады, што кампенсуюць скасаванне кантролю ўнутраных межаў і ўзмацняюць бяспеку вонкавых межаў Еўрапейскага Саюза. Дзяржавы-ўдзельніцы, якія маюць вонкавыя межы, мусяць забяспечыць належны і дзейсны кантроль вонкавых межаў ЕС.

Агульная візавая палітыка

Дзяржавы Шэнгенскай дамовы ажыццяўляюць агульную візавую палітыку. У Шэнгене выкарыстоўваецца агульная віза. Гэта значыць, што, калі чалавек хоча падарожнічаць па Шэнгенскай прасторы, патрэбная толькі адна віза. Ад першага дня ўдзелу ў Шэнгене ўсе візавыя службы Літвы выдаюць Шэнгенскія візы, выконваецца праверка ў Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме SISone4all), уключаючы і кансультацыі па Шэнгенскіх візах у сістэме VISION.

Літва як удзельніца ЕС ужо дастасавала рэгламенты ЕС (дакументы непасрэднага дастасавання) пра агульную візавую палітыку, у якіх усталявана: форма ўклейвання візы, спіс дзяржаваў, грамадзяне якіх ездзяць без візаў; спіс дзяржаваў, грамадзянам якіх трэба атрымліваць візы.

Зрабіўшыся паўнапраўнай краінай Шэнгенскай дамовы, Літва дастасоўвае ўсе патрабаванні Шэнгенскага судзебніка.

Змены ў выдачы візаў грамадзянам трэціх краінаў

Кароткачасовы ўезд (да 90 дзён). Грамадзяне трэціх краінаў, што не далучаныя да Шэнгенскай дамовы, могуць ўязджаць і перасоўвацца на тэрыторыі дзяржаваў-удзельніцаў, якія дастасоўваюць усе Шэнгенскія палажэнні, не даўжэй чым на працягу трох месяцаў, калі пры ўездзе адпавядаюць усім умовам, выкладзеным у Шэнгенскім судзебніку:

  • маюць дзейны падарожны дакумент;
  • маюць кароткачасовую візу, калі такая патрабуецца;
  • могуць патлумачыць мэту падарожжа;
  • могуць давесці, што маюць дастаткова сродкаў на пражыванне ў часе знаходжання і вяртанне ў сваю краіну;
  • яны не ўключаныя ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму як непажаданыя асобы або асобы, што выклікаюць пагрозу для грамадскага парадку ці нацыянальнай бяспекі любой Шэнгенскай дзяржавы.

Грамадзяне трэцяй краіны, што маюць намер быць даўжэй чым на працягу трох месяцаў, мусяць мець доўгачасовую (катэгорыі D) нацыянальную візу краіны або дазвол на пражыванне. Умовы атрымання нацыянальных візаў і дазволаў на пражыванне ўсталёўваюць нацыянальныя праўныя акты.

У Шэнгене трэба толькі адна віза

Калі замежнік хоча падарожнічаць па Шэнгене, трэба толькі адна віза. Літва ад першага дня ўдзелу ў Шэнгене выдае агульныя кароткачасовыя візы, прыдатныя для ўезду на тэрыторыю Шэнгенскай дамовы, а замежнікі, што ўжо маюць дзейныя, выдадзеныя іншымі Шэнгенскімі партнёрамі візы, могуць знаходзіцца на ўсёй тэрыторыі Шэнгену, уключаючы Літву, на пазначаны ў візе перыяд яе дзеяння.

Краіны Шэнгенскай дамовы дастасоўваюць аднолькавую практыку выдачы візаў, з увагай на інтарэсы адзін аднаго і аднолькавыя патрабаванні да прад’яўленых дакументаў, бяруць аднолькавы мытны збор за разгляд заявы на выдачу візы. Таму віза, выдадзеная ў адной дзяржаве-ўдзельніцы Шэнгену, дзейнічае і ў іншых дзяржавах-удзельніцах. Гэта асабліва карысна для грамадзянаў трэціх краінаў, што маюць намер наведаць некалькі дзяржаваў-удзельніцаў Шэнгену.

У выключных выпадках для асобаў, якія не адпавядаюць агульным умовам выдачы візаў, дзяржава-ўдзельніца Шэнгену можа выдаць візу, што дзейнічае толькі ў той краіне. Гэткія выпадкі могуць быць звязаныя з гуманітарнымі прычынамі, а таксама з прычынамі ў галіне нацыянальных інтарэсаў ці міжнародных абавязальніцтваў.

Хто мае дазвол на пражыванне, той у ес падарожнічае без візаў

Дзейны дакумент, выдадзены краінай-удзельніцай Шэнгенскай дамовы як дазвол на пражыванне і падарожжа, прыдатны для кароткачасовага ўезду ў іншую дзяржаву-ўдзельніцу Шэнгену без візы.

Выдадзеныя Злучаным Каралеўствам, Ірландыяй і Кіпрам дазволы на пражыванне не даюць права ўезду без візы, бо гэтыя краіны не дастасоўваюць палажэнняў Шэнгенскага судзебніка.

Куды звярнуцца па Шэнгенскую візу?

Грамадзяне трэціх краінаў маюць звярнуцца ў прадстаўніцтва той дзяржавы, у якую яны мяркуюць паехаць. Калі мяркуецца паехаць у некалькі Шэнгенскіх дзяржаваў, абавязкова трэба звяртацца ў прадстаўніцтва той дзяржавы, якая з’яўляецца асноўнай мэтай падарожжа. Калі мяркуецца наведаць некалькі дзяржаваў-удзельніцаў Шэнгену, не выдзяляючы ніводнай з іх, трэба звяртацца ў прадстаўніцтва той дзяржавы-ўдзельніцы, у якую мяркуецца ўехаць найперш.

Візы, выдадзеныя перад далучэннем Літвы да Шэнгену (г.зн. да 20 снежня 2007 г.) дзейнічаюць да канца пазначанага ў візе тэрміну дзеяння толькі на тэрыторыі Літвы.

Збор за разгляд заявы на візу

Збор за разгляд заявы на выдачу Шэнгенскай візы ўсталяваны рашэннем 2006/440/EB Рады ЕС ад 1 чэрвеня 2006 г. Паводле гэтага рашэння, збор складае 60 еўра.

Ільготы на збор

Рашэнне Рады і іншыя праўныя акты ЕС прадугледжваюць і льготы на зборы.

Ад збору вызваляюцца:

  •  члены сям’і грамадзяніна ЕС або грамадзяніна дзяржавы-ўдзельніцы ЕАСГ*;
  •  дзеці да 6 гадоў;
  •  вучні, студэнты, а таксама настаўнікі ці выкладчыкі, што іх суправаджаюць і падарожнічаюць з навучальнымі мэтамі;
  •  даследнікі, што падарожнічаюць з мэтамі ажыццяўлення навуковых даследаванняў;
  •  тыя, хто едуць наведаць цяжка хворага блізкага родзіча ці члена сям’і або едуць на пахаванне блізкага родзіча ці члена сям’і, або двойчы на год наведваюць магілу блізкага родзіча ці члена сям’і на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі;
  •  асобы, што захавалі права на грамадзянства Літоўскай Рэспублікі;
  •  асобы літоўскага паходжання;
  •  замежнікі, што маюць дыпламатычныя ці службовыя пашпарты або прыраўнаныя да іх падарожныя дакументы, калі іх уезд у Літоўскую Рэспубліку звязаны з заахвочваннем інтарэсаў у сферы культуры, замежнай палітыкі, палітыкі развіцця супрацоўніцтва ці іншых важных для грамадства сфераў;
  •  тыя, хто едуць у Літоўскую Рэспубліку для ўдзелу ў афіцыйных сустрэчах, арганізаваных Прэзідэнтам, Сеймам, Урадам ці міністэрствамі Літоўскай Рэспублікі;
  •  у выключных выпадках – рашэннем кіраўніка прадстаўніцтва Літвы.

Змяншэнне збору ці вызваленне ад яго таксама магчымае на грунце пагаднення ЕС і канкрэтнай трэцяй краіны пра спрашчэнне візавага рэжыму. (Напр.: для грамадзянаў Расійскай Федэрацыі, Украіны, Малдовы, заходнебалканскіх краінаў візавы збор складае 35 еўра).

Інфармацыю пра канкрэтныя краіны і ўезд іх грамадзянаў у Шэнгенскую прасторы ад 1 студзеня 2008 г. знойдзеце на інтэрнэт-старонках прадстаўніцтваў Літоўскай Рэспублікі і іншых дзяржаваў Еўрапейскага Саюза.
 

* ЕАСГ – Еўрапейская Асацыяцыя Свабоднага Гандлю; дзяржавы-ўдзельніцы – Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя.

Падпіска